Лісце каштанаў
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Я палез на строму, з каранямі выдзіраючы бур'ян.

Калі ўрэшце, увесь абсыпаны пылам і калючкамі, я ўскараскаўся наверх, сеў і, зняўшы тапачкі, пачаў высыпаць з іх зямлю, круглагаловы Ролік спытаў:

– Адкуль такі? Нешта мы цябе не бачылі.

– Не з Чкалава? Не з яўбаза?
– спытаў гожы,

– Што такое?

– Яўбаз. Яўрэйскі базар... Ясна, не адтуль, - сказаў "мужычок".

– Не з Падвальнай?
– пытаў Круглая Галава.
– Не з Фундуклееўскай?

Я гэтыя конікі ведаў, але што зробіш:

– Што такое Фундуклееўская?

– Ну, цяпер вуліца Леніна.

Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называць вуліцы іхнімі старымі назвамі, каб зведаць, карэнны ты, вышэйшай ты пароды чалавек або так, збоку прыпёку - з дзесятага ветру. Сам колькі разоў так рабіў.

А яны, відаць, хацелі выпытаць яшчэ, ці не з другога я канца горада, ці быў тут, калі...

– Не з Банкаўскай? А што, на Адольфгітлерштрассе таблічкі паўсюль ужо збілі?

– Кіньце, хлопцы, - сказаў Ролік, - ясна, нетутэйшы. Адкуль?

– Я з гэтага двара.

Хлопцы пераглянуліся. Гэта ўжо была як бы іншая справа. Я нібыта рабіўся прыналежным да іхняга двара, сваім, дваровым.

– А-а, новенькі, - сказаў "інтэлігент". Гэта не таго палкоўніка, які тыдзень таму назад прыехаў?

– Угм. Пляменнік.

– А ён куды адразу з'ехаў? Ён хто?

– На фронт. Ён начштаба аднаго з франтоў.

У вачах новых знаёмых нарадзіўся цень павагі,

– Фф-ю-у. Якога?
– спытаў Ролік.

– Зашмат ведаць хочаш. Гэтага казаць нельга.

– Ваенная тайна? Задавака, - сказаў прыгожы.

– А я вось табе дам, - устаў я.

– Кінь яго, Жэнька, - сказаў "гожаму інтэлігенту" Ролік.
– Кінь яго, Багдане. Не хоча - не трэба.

І тут, цалкам раптоўна для мяне, затаранцеў, засакатаў з бур'яноў паўдзённай гаворачкай галасок дзяўчаняці:

– А я вось і ведаю. Я ката іхнім суседзям прыносіла. "Мышы, кажуць, заелі". То гэты кот, якраз, стаў у апракінутую табурэтку і лапкамі - на перакладзінкі. Яны мілуюцца: "ах-ах", а ён узяў і наваліў туды...

– Дык ты адно гэта і ведаеш?
– з пагардай спытаў "мужычок" Багдан.
– Як кот...

– Не, - азваўся галасок з бур'яну, - я, як прыносіла, чула. Веставы ягонага дзядзькі - татарын, ці бурат, ці алтаец... Патракоў прозвішча...

– Не таранці, - сказаў Ролік.
– Дзела кажы.

– Казаў... Першага Беларускага фронту. Хлопцы зарагаталі.

– Ну вось, - адсмяяўшыся, сказаў Ролік, - ...ваенная тайна. Адкуль?

– Беларус.

– Браты ёсць?

– Былі. Многа. І родных, і траюрадных, і ўсякіх. Па чутках, мала хто застаўся.

– Немцаў ненавідзіш?

– Пытаеш яшчэ.

– На фронт уцякаў?

– Два разы. Адзін раз, у сорак другім яшчэ, вярнулі аж з-пад самага Мажайска.

– Я таксама, - уздыхнуў Ролік, - тожа мне яшчэ, выабражалы, лішнія рукі ім непатрэбныя. Як быццам горшыя. Ідуць - хвігай носа не дастанеш. А ў нас толькі ўсяго і няшчасця, што гадоў не дабралі.

Ён у час выказаў свае пачуцці і выліў горкую сваю крыўду. Таму што мне пачалі ўжо абрыдаць гэтыя пытанні і адказы. Як на допыце ў міліцыі. А я гэтых допытаў за гады беспрытульных бадзянняў бачыў болей, чым ён галавамыек ад бацькоў.

– Цябе як клікаць?
– спытаў круглагаловы.

– Васілько Стасевіч, - адказаў я.

– Ну вось. А я Раланд Дзмітрэнка. Па-ўкраінску хаця разумееш?

– А чаго тут разумець?

– Гарно. А оцэ мая гвардыя. Гэты, з лукам, палтаўскі. Та хіба ў Полтаві людэ - у Полтаві ж галушкі.

– Багдан Цар, - адрэкамендаваўся "мужычок".

– А гэта наш ідэолаг. Бацька мой за Махном ганяўся, то казаў, што ў таго ціла тачанка була з ідэолагамі. Вось і мы яму завядзём. Жэнька, адрэкамендавацца паслу дружняй дзяржавы.

– Яўген Кульба, - ляснуў босымі пяткамі прыгожы.

Пяткі былі хаця і босыя, але не парэпаныя, белыя. Відаць, хадзіць босым - гэта было нешта накшталт уніформы на час гульні.

І тут я здзівіўся яшчэ больш. 3 зарасцяў выбралася, нават скочыла, як тыгра, бо джунглі на добрую чвэрць складаліся з крапівы, дзяўчо год пятнаццаці. Схілілася, пачэсваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацерла каленкам аб каленка, ускінула галаву - чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад - і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, па-вар'яцку вясёлымі чорнымі зрэнкамі.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win