Вячэрнія ветразі
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

"О мой цудоўны край..."

О мой цудоўны край, Мой заснежаны рай... Ціхі званочкаў смех. Снег у лесе начным, Смех у садзе пустым, Коней спакойны бег. Штосьці часцей і часцей Сню я, што шэрань цвіце, Падае з чорных сукоў І што з табою ўдваіх Еду між дрэваў начных Госцем да сваякоў. Плечы твае абняў. Роўная рысь каня. Лес радзейшы стае. Шэрань заткала бары, Скроні мае серабрыць, Беліць вейкі твае. Бачу сялібу ў садах, Бачу загурблены дах, Нізкі, натоплены дом. Хутка між яблынь густых Будзеш смяяцца і ты. Бачыш? Страчаюць з агнём. Вязкі цыбулі вісяць. Скварыцца каўбаса, Водар смалы, сасны. Дроваў адталы дух. Печка.  Калматы кажух. Сны. 

"Гусi-лебедзi ў лугах зялёных..."

Гусі-лебедзі ў лугах зялёных, Гладзяць крылы белыя блакіт. Сокал, прагнучы крыві салёнай, Рвецца у сакольніка з рукі. Ногі коней грэбуюць зямлёю. Ярасная сіла ў скакуне... Адбылося гэта ўсё са мною, Або гэта сон і яблынь снег. Але ў сне не вып'еш столькі гора. Ведаю, што я званіў у шчыт, Я граміў татар пад Крутагор'ем, Я крышыў крыжацкія мячы. Кроў далі мне паплавы і пожні, Голас - бор дрымучы і чарот. Я з табою да крыві апошняй, Мужны мой, адвечны мой народ. Ты мне даў асеннія світанні, Ты мне даў ружовы твар вясны, Падарыў мне цяжкае каханне Да жанчыны з дальняй стараны. Роднымі зрабі чужыя вочы, Шэрыя, як неба над табой, А пасля пакліч, калі захочаш, За цябе на самы страшны бой. І калі ў твае глыбіні лягу, - Дай мне ціхі спеў тваіх бяроз За любоў, за веру, за адвагу Сціплых песняў, што табе прынёс. 

Лясная казка

Стажар серабрысты пажар. На дрэвах бароды імхоў. Пaра з начных імшар Пужае цыбатых ласёў. Бягуць па балоце яны. Над імі праз шэры туман Ззяе, як вока вайны, Чырвоны Альдэбаран. Слепне стомлены зрок, Сцежка спускаецца ў лог, Вожык, як шэры клубок, Скруціўся ля самых ног. – Клубочак, вядзі, вядзі. – Гаспадар, дарогі няма. Трэба на сцежках блудзіць І не зважаць на туман. Яліна над сцежкай маёй - Не яліна, а баба-яга. Сава ў глушыні лясной Прарочыць: "Куга! Куга!" – Алёначка! Ого-го! Спаткай, за руку бяры. Выведзі Яна свайго Да цёплай хаты ў бары. Хоча ён бачыць агні, Карагоды між светлых лугоў, Хоча святла, цеплыні, Хоча казання твайго. Лаўжы і карчоў крыжы. Туман, як прывід, як дым. Хтосьці па сцежцы бяжыць, Сава лунае над ім. Вочы гараць нада мной, Не сава, а дзіва-змяя. – Бацюхны! Хто гэта? Вой! – Алёначка, гэта я. – Пойдзем хутчэй. Туман. Хату яшчэ прамінеш. Як ты даведаўся, Ян, Што завуць Алёнай мяне, Што аб'ездчыку я дачка, Што жыву між гэтых палян, Што добра мне тут чакаць, Калі прыйдзе прыгожы Ян? – Любая, я ж чараўнік, Знаўца зямлі і вады. Мне і куніца, і дзік Адкрылі свае сляды. Ў дрымотнай глушы лясной Не ведаў я аднаго: Сцежкі да хаты тваёй, Сцежкі да сэрца твайго. Дай мне тваю далонь. Не трэба стаяць, пайшлі. Вядзі на мірны агонь У змрочных лапах ялін. 

Развiтальная песня

Ці-і-іпак, Ці-і-іпак. Сумна. Не хочацца ў шлях далёкі. Шпак на галіне бярозы высокай, Чорны шпак, Трапёткі шпак. Чысты абшар халодных нябёс, Белыя травы засумавалі, Белыя травы на сонцы адталі, Плачуць ружовымі нізкамі слёз. Ці-і-іпак, Ці-і-іпак. Шпак не трапеча, ён не ўзвіваецца, Шчасцем жыццёвым не захлынаецца, Сёння з радзімаю ён развітаецца. Сумна, Працяжна спявае шпак. Песня шпака халадком цячэ, Доўгі, празрысты свіст на світанні... Час адлятаць ад радзімы туманнай, Светлай для кожных птушыных вачэй. Ў сэрцы птушыным яна жыве З дымнаю сушняй, з садамі расянымі... Вецер над чорным, чужым акіянам Перыйкі, Перыйкі, Перыйкі рве.

Балада пра галубiныя пер'i

На ўскраіне ціхай дзяўчынка жыла, І было ёй шаснаццаць год. Як заўсёды, тачылася з вішняў смала, Як заўжды, палымнеў усход. І ў дзяўчыны хлопец харошы быў. Стаяла вясна на двары. Над каханымі лёталі галубы І скінулі два пяры. І хлопец дзяўчыне аддаў адно, І яго абняла яна, І вечар быў, і спусцілася ноч, А ўранцы прыйшла вайна. Бомба разбіла іх цёплы дом. Абое на фронт пайшлі. Хлопцы танкі сустрэлі ружэйным агнём І забітымі ў полі ляглі. Смерць у ясных вачах закруціла свет, Прабіла кішэнь свінцом, Прабіла шэры пацёрты білет І перыйка з шызым пушком. Засталася дзяўчатам кроў на бінтах, Разбіты бомбай шпіталь, Сцяжок у руках, сняжок на вачах, Па забітых дарэмны жаль. І дзяўчыну таксама не мінуў свінец. Гарэлі пясок і трава. Над грудзьмі белай зоркай застаўся рубец, Дзе асколак пацалаваў. Жорсткі вецер вайны падхапіў пяро І панёс над абшарам снягоў: Пэўна, недзе ў капцёрцы, змываючы кроў, Пусцілі на вецер яго. Разам з перыйкам гэтым, што без надзей Ляцела ў бясконцы шлях, - Як бязважкі пух, існаванні людзей Круціліся ў дымных смярчах... На месцы акопаў сталі сады, На месцы магіл - рунь, Але разам з пяром адляцелі кудысь Каханне і светлая юнь. Засталіся фарбы фрэсак старых, Храмы над люстрай вод, І жанчына кнігі пісала пра іх, Каб любіў іх родны народ. І аднойчы ў руінах стаялі яны Разам з сябрам майскай парой, І да іхніх ног з высокай сцяны Галубінае ўпала пяро. Пад мядовым ветрам звінела трава, І жанчына ў дзіўнай журбе Зразумела, што простае: "Гэта вам" Азначае: "Памру за цябе. Асушу пацалункамі вочы твае, Дзіўнай песняй людзей здзіўлю..." . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Малады, ён паходзіў на друга яе, Што без помніка лёг у зямлю. Глянула ў вочы яго, і ёй Патрызніўся рык гармат. І той, хто забраны навекі вайной, Ніколі не прыйдзе назад. "Маладосць твая чыстая, як сляза, Гарачэй, чым раны ў баю. Любы мой, ну чым мне табе адказаць На пяшчотную сілу тваю, На настойлівасць мяккую сціплых рук, Што туманіць мне галаву?.. Сціснуць перыйка ў пальцах, пазбыцца мук Або ўпусціць на траву? Мне цяжка кінуць жорсткі адказ. Забіць - і пакутваць пасля, Я хачу апошні, апошні раз Адчуць, як квітнее зямля. І балюча жыццё тваё завязаць, Бо між намі годы і кроў. Што сказаць табе? Што сказаць? Што сказаць?" . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Рука трымае пяро. 

"За старым, закінутым млынам..."

За старым, закінутым млынам, Дзе зарослы заліў ракі, Скачуць жоравы на лугавіне - Танканогія шляхцюкі. У цыбатых усё ў парадку: Ежа ёсць, прайшлі халады, Ім асіна пляскае ў ладкі На касе ля балотнай вады. Толькі я перапоўнены сумам. Зросся я з гэтай весняй зямлёй Не птушыным сэрцам бяздумным, А трывожнай людской душой. Мне лягчэй бы стала, напэўна, Каб забыла мінулае ты, Каб страла мая ўпала гнеўная І ўваткнулася перад царэўнай У гарлачыка ліст залаты. Ты прыходзь, далёкая, любая, Ты развей усмешкай тугу. Пакладзі мне далонь на губы. Не магу без цябе. Не магу.

"Месяц заснуў на комiне хаты..."

Месяц заснуў на коміне хаты, Кінуў адбіткі на люстра вады. Дрэвы густыя ў бліскучых латах, Як вартавыя, вартуюць сады. Ў цьмянае поле гляджу з-пад далоні, Полымя бухае, нібы ў трубу. Коні начлегу, ружовыя коні Месяца іскры з травою скубуць. Добра усім. А мая беласнежка Полем не пройдзе каля лазняка, Не прабяжыць гэтай цёплаю сцежкай, Бульбіну не пакачае ў руках. Позіркам ясным мяне не адорыць, Поруч з агнём не ляжа ў мурог І не папросіць, каб сеў я поруч І ад бяды невядомай бярог. І не прыкрыюць вачэй яе сонных Цёплыя пальцы маёй рукі... Вельмі далёкія перагоны. Вельмі марудныя цягнікі. 

"Пералескi. Бярозы вiсяць над старыцамi..."

Пералескі. Бярозы вісяць над старыцамі. Над ярамі, над парнай ракою імгла. Чырвань вечара на самотных званіцах, На каменнях бялеючых мякка лягла. Спачывае зямля пад гусцеючым ценем, Мірна нюхае горкі пах травяны, Як аратай, што звесіў рукі з каленяў І бяздумна сядзіць ў канцы баразны. 
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win