Вершы
вернуться

Пушкин Александр Сергеевич

Шрифт:

1822

Пераклад: Уладзімір Шахавец

Прарок

Духоўна стомлены зусім, з дарогі я ў пустыні збіўся, - і шасцікрылы серафім на раздарожжы мне з'явіўся. Нячутным дотыкам, як сон, павекаў ледзь крануўся ён, - і іх напоўніў шум і звон: пачуў я неба хваляванне, завоблачных анёлаў лёт і гадаў пад вадою ход, лазы ў даліне прарастанне. І каля вуснаў ён узнік і вырваў грэшны мой язык, і пустасловы, і каравы, і джала мудрае змяі ў вусны ўклаў і загаіў сваёй дзясніцаю крывавай. І грудзі мне рассек мячом, і сэрца трапяткое выняў, і жар, з яшчэ жывым агнём, ён назаўжды ў грудзях пакінуў. Як труп - ў пустыні я ляжаў, ды голас боскі загадаў: «Устань, прарок, як у дазоры, і словам з іскрамі надзей, абходзячы зямлю і моры, запальвай сэрцы у людзей».

1826

Пераклад: Мікола Федзюковіч

Рэха

Ці звер раве ў глушы лясной, Ці песня чутна за гарой, Ці гром грыміць па-над зямлёй - Ў цішы заўжды На кожны голас водгук свой Народзіш ты. У буру ловіш гул ракі, Як гром калыша саснякі, Як граюць пастухоў ражкі - І шлеш у свет Адказ; табе ж ніхто... Такі І ты, паэт.

1831

Пераклад: Максім Танк

«Я вас кахаў...»

Я вас кахаў: быць можа мімаволі Кахання жар у сэрцы не пагас; Няхай яно вас не трывожыць болей; Я не хачу нічым засмучваць вас. Я вас качаў бязмоўна, адзінотна, То боязь чуў, то рэўнасць зазнаваў; Я вас кахаў так шчыра, так пяшчотна, Як дай вам Бог каб іншы пакахаў.

1829

Пераклад: Максім Лужанін

Я зноў наведаў

...Я зноў наведаў Зацішны той закутак, дзе правёў Выгнаннікам нямала часу. З тых дзён мінула дзесяць год - і многа Перамянілася ў жыцці маім, І сам, пакорны ўсеагульнаму закону, Перамяніўся я - ды тут ізноў Мінулае мяне усюды сустракае. Здаецца, ўчора я яшчэ блукаў Па гэтых пералесках. Вось апальны домік, Дзе жыў я з беднай няняю маёй. Старой ужо няма - і за сцяною Не чую я хады яе павольнай, Ні клапатлівага яе дагляду. Вось той лясісты ўзгорак, на якім Сядзеў я часта нерухома і глядзеў На возера, успамінаючы з тугою Другія берагі, другія хвалі... Між залацістых ніў, лугоў зялёных Яно сінее, сцелецца шырока, Цераз яго нязведаныя воды Плыве рыбак і цягне за сабой Старэнькі невад. Тут па берагах Рассыпаліся вёскі - там за імі Вятрак скрывіўся, ледзьве крыллі Варочае пры ветры. На граніцы Уладанняў дзедаўскіх, на месцы тым, Дзе ўгору падымаецца дарога, Размытая дажджамі, тры сасны Стаяць - адна з іх воддаль, дзве другія Ствалы ўздымаюць побач - тут, калі паўз іх Я праязджаў пры месячным святле, Знаёмым шумам шорах іх вяршынь Мяне вітаў самотна. Той дарогай Цяпер паехаў я, і прад сабою Убачыў іх зноў. Яны ўсё тыя ж, І той жа іх, знаёмы вуху, шорах - Ды каля іх карэнняў застарэлых (Дзе некалі было ўсё пуста, гола) Гай малады цяпер ужо разросся, Зялёная сям'я; і туляцца кусты Ў іх засені, як дзеці. А удалі Стаіць адзін пануры іх таварыш, Як халасцяк стары, а навакол Ўсё пуста па-ранейшаму. Дзень добры, племя Маладое, незнаёмае! не я Убачу твой магутны позні ўзрост, Калі перарасцеш маіх знаёмых І іх старую галаву заслоніш Ад воч вандроўніка. Але хай мой унук Пачуе шум ваш прывітальны тут, калі, Вяртаючыся ад сяброў з бяседы, Прыемных і вясёлых поўны дум, Ён пройдзе міма вас у змроку ночы І ўспомніць пра мяне.

1835

Пераклад: Максім Танк

«Я помнік збудаваў сабе нерукатворны...»

Exegi monumentum.

Я помнік збудаваў сабе нерукатворны, Не зарасце людская да яго трапа, Вышэй чалом сваім ён ўзняўся непакорным Александрыйскага слупа. Не, я ўвесь не памру - у ліры застанецца, Прах перажыўшы мой, душы пявучы дар - І слаўны буду я, пакуль на цэлым свеце Жыць будзе хоць адзін пясняр. Вядомы буду я на ўсёй Русі вялікай, І імя маё кожны назаве язык, І горды ўнук славян, і фін, і сёння дзікі Тунгуз, і стэпаў друг калмык. За гэта доўга буду любы я народу, Што лірай лепшыя надзеі абуджаў, Што ў мой суровы век праславіў я свабоду І міласць да няшчасных зваў. Загаду божаму, о муза, будзь слухмянай, Не бойся крыўды, лаўраў не жадай, Не пераймайся славай і хлуснёй паганай І ў спрэчцы дурня не чапай.

1836

Пераклад: Максім Танк

«Я помню дзіўнае імгненне...»

Я помню дзіўнае імгненне: Перада мной паўстала ты, Як пралятаючае сненне, Як геній чыстай пекнаты. Праз боль і смутак невымоўны За безразважнай мітуснёй Мне чуўся голас твой чароўны І мілы воблік сніўся твой. Гады міналі. Шквал бунтоўны Развеяў мар даўнейшых рой, Забыў я голас твой чароўны, Забыў я твар нябесны твой. Ў глушы, у змроку зневальнення Самотна дні мае плылі Без захаплення, без натхнення Без слёз, жыцця і без любві. Душа зазнала абуджэнне: І вось ізноў паўстала ты, Як пралятаючае сненне, Як геній чыстай пекнаты. І сэрца ў радасным імкненні, І для яго ўваскрэслі зноў І захапленне, і натхненне, Жыццё, і слёзы, і любоў.

1825

Пераклад: Максім Лужанін

  • 1
  • 2

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win