Раскіданае гняздо
вернуться

Купала Янка

Шрифт:

Сымон. А мы з гэтам не папусцімся, дык што ж з намі гэта жыццё зробіць?

Старац. Тата ўжо нядуж твой.

Сымон. Ну, то ў мяне сілы хопіць — за яго, за сябе, за ўсіх нас.

Старац. Дай Божа, дай Божа, каб табе гэтай сілачкі ставала да канца жыцця. Бяда толькі, што сіла людская не заўсёды на дабро ідзе.

Сымон. Я i не думаю з сваей сілай у цемнякі ці разбойнікі пайсці.

Старац. Не кажу табе гэтага, сынку мой, але моладасць свае права мае. Я сам быў маладым!

Марыля. Нічога яму, дзедка, не ўгаворыш. Не такой падатлівай натуры ён у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць.

Данілка. Сымонка, ты па мне пайшоў: і я хоць галавой налажу, а скрыпачку такі зраблю сабе новую!

Сымон. Які я ўжо ўдаўся, такі і буду, а свайго ў крыўду не папушчу, хоць бы там свет дагары нагамі перакуліўся. Бяда — часу няма болей гаварыць аб гэтым. Пайду, можа, гэту сустрэну. Карціць мне даведацца, што там яму ў дварэ сказалі.

З'ява ІІІ

Марыля, Данілка, Старац.

Старац. Ох, маці, маці! Высака твой сынок падымацца хоча, але каб нізка часам не зваліўся.

Марыля. Цяжанька мне з ім якую радачку даць. Змалку дзён такі: як толькі нарадзіўся, дык i то сябе паказаў — грудзей не прыняў, так, без малака, качаўся. Я тады ў двор за мамку засталася.

Старац. Гартаунейшы i выйшау ён затое. А у дварэ, кажуць, перамены цяпер вялікія пайшлі.

Марыля. Але, дзедка,— перамены. Як вярнуўся малады паніч недзе з далекага краю, з навук, дык усе пайшло ўверх дном — усіх чыншавікоу сталі чысціць. Не чакае, пакуль суды пакончацца, а наперад за ўсіх заставы кладзе і высяляе; з намі таксама выйшла.

Старац. Ведаю, ведаю, пані гаспадыня! Старыя парадкі раскідаюць па свеце, а новых, лепшых, нешта не відаць і не відаць.

Данілка. Як уважаю, то, мусіць, толькі я адзін новым парадкам на сваей новай скрыпцы зайграю.

З'ява IV

(Тыя ж i Зоська.)

Зоська(уваходзіць з кветкамі ў руках). А-а! Дзядочак к нам на госці прыплёўся.

Старац. Так, так, мая дачушка! Прыплёуся божым словам вас пахваліць; зараз далей паплятуся з тым самым.

Зоська(падсядаючы к Старцу). Добра, што я дзедку тут застала,— маю просьбу да цябе.

Старац. Слухаю, мая дачушка, слухаю. Хэ-хэ-хэ! Думаў, што я толькі усе мушу прасіць, ажно, як бачу, то i ў мяне прасіць нечага хочуць. Хэ-хэ-хэ! Яшчэ распанею з гэткага гонару.

Зоська. Дзедка заўсёды жартуе з мяне, а я толькі буду прасіць таго, чаго ўсе людзі цябе вечна просяць.

Данілка. Ну, значыць, прапала дзедава панства!

Зоська. На, вось табе, дзедачка, кветак трошкі, а ты памаліся... за здаровейка...

Старац. За чыё, мая дачушка: за татава, матчына, а можа?..

Зоська(нахіляючыся да Старца, каб маці і Данілка не чулі). Памаліся, дзедка, за здароўе нашага паніча.

Старац. Добра, дзетачка! Я за ўсіх малюся, за каго толькі просяць — і за жывых, і за нябожчыкаў. Толькі вось, што я з тваімі гэтымі кветкамі рабіць буду?

Зоська. Як будзеш, дзедка, у цэркаўцы, дык на абразок іх павесь.

Данілка. Або к сваёй торбачцы прышпілі, каб харашэй выглядала.

Старац. Праўда, сынку мой. Як прыгажэй будзе выглядаць, то, можа, і кідаць болей будуць.

Зоська. Абы толькі не каменнем, дзедка.

Старац. Хэ-хэ-хэ! Усяк бывае, дзеткі мае, усяк! Хто хлебам, хто каменнем, а кожны нечым ды кіне. (Збіраецца выходзіць.)

Марыля. Ужо дзедка выходзіць ад нас?

Старац. Ужо, пані гаспадыня, ужо! Не сядзіцца мне доўга на адным месцы. I так па капельцы ўсюды гора назбіраеш чалавечага, ажно несці цяжанька, а што ж бы было, каб даўжэй заседжваўся ў адной хаце? Хэ-хэ-хэ! Шчасліва аставацца! Слава Хрысту!

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win