Неизвестно
Шрифт:
Пытанне аб Грамадскіх аб’яднаннях. Дакладчык — дэп. Вярцінскі. Даклад разумны, пераканаўчы. У Беларусі на сёння 420 грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных. (Ніколі не падумаў бы, што іх аж столькі! Во — актыўнасць грамадзян на свабодзе!) Так рэалізуюцца правы грамадзян на аб’яднанні. А ў зале — ніводнага пытання дакладчыку, ніводнай рэплікі, ніводнага выступлення! Значыць, ніякіх праблем няма. Прагаласавалі моўчкі. „За” — 178. Усяго! І ніякіх пярэчанняў не было — і не блаславілі. Дзіўны народ сабраўся ў зале ВС!
4 чэрвеня
У „Розным”. Дэп. Слямнёў — аб дыскусіі па Калектыўнай бяспецы. Тлумачыць талкова — у апраўданне Шушкевіча.
Дэп. Жураўлёў: падтрымлівае рашэнне ген. Казлоўскага аб звальненні з арміі афіцэра М. Статкевіча, б’е Шушкевіча за пазіцыю ў гэтым пытанні („Вас втянули!”). Дэп. Гермянчук. Аб дамове наконт стратэгічных сіл. Калі пачаў гаварыць пра неадпаведнасць тэкстаў дамовы на беларускай і рускай мовах — у зале іранічна заа-яй-калі. Не зусім тактоўна зрабіў запыт Кебічу: „Калі не маеце — я вам дам свайго карэктара”. Не зусім тактоўна па форме, а па сутнасці — зусім справядліва: павінны ж быць у Саўміне людзі, якія дасканала валодаюць беларускай мовай — каб змястоўных, сэнсавых разыходжанняў у тэкстах не было. Дэп. Лябедзька: Чым праславіў Беларусь Карл Маркс, што яго імем названа вуліца, на якой знаходзіцца наш Вярхоўны Савет? Мінгарсавет павінен тэрмінова разгледзець гэта пытанне!
Пытанне аб справаздачы Нацыянальнага Банка. Дакладчык С. Багданкевіч: Калі мы не спынім інфляцыю — не выйдзем з крызісу. Нашы крэдыты павінны быць дарагімі — іначай тупік, і ніякіх ілюзій. Крэдытная палітыка павінна быць больш жорсткай. У камерцыйных банках рэсурсаў — 40 млрд. рублёў. Нацынальны Банк — не Сабес (Аддзел сацыяльнага забеспячэння). Да якога часу ён будзе іменна такім Сабесам? Не пераменім закон — наперадзе тупік і поўны крах эканомікі! Рост аплаты працы на 60 працэнтаў перавышае прадукцыйнасць працы! А ільготы? На ўсё — ільготы! Гэта ненармальна! Утварылі камісію па кантролю за дзейнасцю камерцыйных структур. Старшынёй Камісіі абралі дэп. Лукашэнку.
8 чэрвеня
У „Розным” дэп. Жук падняў пытанне аб будаўніцтве вакол Мінска і іншых гарадоў на захопленай зямлі катэджаў (дамоў, палацаў). Трэба перагледзець Зямельны кодэкс. Старшыні сельсаветаў робяць, што хочуць. Дэп. Заблоцкі: Рэформа не ідзе. Ёсць ілюзіі, што мы рэфармуемся. Законы не выконваюцца. Развал паглыбляецца. Спрэчкі па ўчарашнім дакладзе Багданкевіча. Дэп. Беленькі: Нацыянальны Банк самастойнай крэдытна-грашовай палітыкі не праводзіць, — як і ў 1991 годзе, аб чым тады адкрыта гаварыў Багданкевіч. Дэп. Лукашэнка крайне рэзка выказаўся пра падрыў эканомікі, пра нейкую незразумелую прыватызацыю. Затым — пра вайну між кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета і Урадам. «„Ад Савета Міністраў пахне мерцвячынай”, — кажуць у Вярхоўным Савеце». (Шум у зале, крыкі: „Хто кажа? Назаві!”) Рэпліка Шушкевіча: „Чую першы раз! Першы раз! Як можна так безадказна гаварыць?” Дэп. Цялежнікаў: Мы думалі, нам удасца пераседзець і выйграць. Не ўдалося. Пераступілі рысу. Віна не Нацбанка. Вінавата наша эканамічная палітыка — крайне няўдалая. Трэба кардынальна змяніць падыходы — іначай к восені дамы не будуць ацяпляцца, заводы і фабрыкі масава стануць спыняцца. Трэба стымуляваць экспарт у Расію і гандаль з Расіяй. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Сельскай гападарцы крэдыты выдаваць не бяздумна і не ўсім.
Дэп. Какоўка: У Латвіі рубліс, выпаўшы з рублёвай зоны, пайшоў угору. А ў нас? Чаму мы не зрабілі гэтак? Хацелі жыць за чужы кошт? Трэба сесці за стол перамоў з Расіяй і ўсё чыста выкласці. Мы не бяром ні капейкі за чыгунку, за газапровад і многае іншае. Трэба даць больш прасторы прыватызацыі! — каб кожны паклапаціўся пра сябе, што ён будзе есці.
Дэп. Новік: Наш урад напорна імкнеца да дэстабілізацыі! Разам з Нацбанкам. Яны пагоршылі эканамічную сітуацыю ў краіне. Банк не кіруе сітуацыяй. Цэны выраслі на 5000 працэнтаў! Хіба гэта — не гіперінфляцыя? А хто атрымаў ільготны крэдыты? Нямногія. І несправядліва. Расія, маючы друкарскі станок для рублёў, нас душыць. Яна экспартуе інфляцыю ў нашу краіну. Наша багацце — высокакваліфікаваныя кадры. Нас рабуюць — праз фінансавую сістэму. Колькі ўвозіцца грошай з Расіі? Як кантраляваць грашовую масу? Ніяк.
І яе ніхто не кантралюе. І апошняе: патрабую ўвесці беларускую грашовую адзінку! (Ну малайчына, Новік! Во каго міністрам паставіць!)...
9 чэрвеня
Закон аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Гаркун (старшыня Камісіі па аграрных пытаннях): Камісія рэкамендуе замацаваць у Законе дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Упершыню, калі мы абмяркоўвалі Праект на Камісіі, не было аднадушнага пагаднення. Пачалося галасаванне (паіменнае, бо надта важнае пытанне). За прапанову Камісіі — 194 галасы. За папраўку дэп. Лакцюшына (толькі дзяржаўная ўласнасць!) — усяго 41 голас. „Дзяды” атрымалі паразу. Дэп. Жук: Вясковыя людзі ўсе супроць прыватнай уласнасці на зямлю! Надта ж лёгка мы тут ставімся да выключна важнай праблемы! Дэпутат-ветэран Коваль: Ні ў якім разе! Ні пядзі прыватнай! Толькі дзяржаўная! Дэп. Какоўка: Усе мае выбаршчыкі — і за прыватную. „Аддалі б нам нашы прысядзібныя кавалачкі!..” Дэп. А. Трусаў: А ўспомніце, як бальшавікі адбіралі ў сялян зямлю! ...
Дэп. Баршчэўскі: На сёння законапраект ужо састарэлы, але хоць гэткі трэба прыняць. (Састарэлы? Ужо? А які быў бы самы раз на сёння? Бальшавіцкі — з процілеглым знакам? Сацыяльны пераварот?) Дэп. Бамбіза: Давайце ўдасканалім Зямельны Кодэкс, які ёсць! З якой мэтай мы ўводзім прыватнае права на зямлю?
Дэп. Дубоўскі: Два гады працавалі над законапраектам у Камісіі. Праз дзесяць гадоў будзе трэба яго карэктаваць. Нічога страшнага для калгасаў у Законе няма. Тры-чатыры соткі зямлі — дайце людзям! Дайце! І ў сацыяльным плане — вялікая карысць!
Дэп. Зданевіч: „Вы!.. Вы! Вы!..” — з такім абурэннем і так рэзка крычаў на дэпутатаў — праціўнікаў прыватызацыі зямлі, то ў яго адабралі мікрафон. Як вадой сцюдзёнай абдалі!..
Дэп. Гаркун: Продаж зямлі ўсё адно ідзе! Але — падпольны. Незаконны. Без дазволу дзяржавы, у абыход Закона. Дэп. Лукашэнка: Хто пралічыў, што будзе з эканомікай, калі пачнецца купля і продаж зямлі? Дэп. Марыніч: Увесь свет чакае, калі ён зможа ўкладаць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. Дэп. Малашка: Трэба выдзяляць зоны, дзе могуць у нас купляць зямлю замежнікі, каб — не ўсюды, дзе ім захочацца, не любы ласы кавалак!..