1. каталог Private-Bookers
  2. Книга "Тайна графiнi Барбары (на белорусском языке)"
Тайна графiнi Барбары (на белорусском языке)
Читать

Тайна графiнi Барбары (на белорусском языке)

Ренье Анри де

Анры дэ Рэнье

Тайна графiнi Барбары

Пераклад: А.Асташонак

Чалавек, дзiўную споведзь якога вы зараз прачытаеце, быў з вядомай венецыянскай сям'i. Кажу - быў, таму што за некалькi тыдняў да таго, як я пазнаёмiўся з дакументам, якi прапаноўваю вашай увазе, аўтар яго памёр у шпiталi на востраве Сан Сэрвола, дзе ён знаходзiўся ў зняволеннi доўгiя гады.

Няма нiякiх сумненняў, што менавiта гэтая акалiчнасць, яна, i толькi яна дазволiла пану С., шаноўнаму дырэктару лякарнi, у якой знаходзiлiся псiхiчна хворыя людзi, пазнаёмiць мяне з гэтай сiмпатычнай лухтою. Праўда, я меў да яго найлепшыя рэкамендацыi маiх знакамiтых старэйшых калег, i псiхамедыцынскiя даследаваннi, дзеля якiх я i з'явiўся ў шпiталь, былi гарантыяй маiх добрых намераў. Ён ведаў, што я не стану злоўжываць прызнаннямi нябожчыка, яго былога пансiянера. Таму ён без ваганняў задаволiў маю просьбу зняць з дакумента, якi я цяпер публiкую, копiю.

Зрэшты, я раблю гэта, нiчога не баючыся, бо падзеi, пра якiя iдзе ў дакуменце гаворка, адбылiся дваццаць пяць гадоў таму. I роўна дваццаць мiнула з тае пары, калi назiраннi, якiмi я жыў тады (пазней мною самiм i спыненыя), прывялi мяне ў Горад Дожаў. У той час назiраннi гэтыя да таго захаплялi мяне, што мне i ў галаву не прыходзiла любавацца маляўнiчымi, паэтычнай прыгажосцi выдатнасцямi Венецыi. Я спехам, мiмаходзь агледзеў яе помнiкi i нi разу i не падумаў аддацца салодкаму i вытанчанаму адпачынку, якi прапаноўвае свайму шчаслiваму госцю гэты адзiны ў свеце горад, дзе можна амаль што цалкам забыцца на сучаснае жыццё.

Сярод столькiх пекных помнiкаў, якiя я бачыў упершыню ў жыццi, я быў заняты толькi сваёю працай. Цяпер я гляджу на ўсё зусiм iнакш i, прызнаюся, з пэўнай пагардаю згадваю былога наведнiка Венецыi, якi жыў у ёй, як i ў любым iншым горадзе, для якога базiлiка святога Марка была толькi адной з многiх падобных адна на адну мясцiн i якi нават Палац Дожаў акiдваў няўважным позiркам. Але, я дайшоў у рэдкай сваёй абыякавасцi да таго, што пасялiўся побач з вакзалам! Выбiраючы жытло, я ўлiчыў толькi яго ўтульнасць i невысокую цану. З гэтых прызнанняў вы добра бачыце, што пачуццё прыгажосцi было ўва мне ў тыя гады атрафiравана настолькi, што самымi цiкавымi мясцiнамi былi для мяне ў Венецыi кавярня Фларыяна, шэрбет якой быў вельмi мне даспадобы, Лiдо, дзе я любiў купацца, i востраў Сан Сэрвола, дзе шаноўны дырэктар размешчанай на iм лякарнi даваў мне, зацiкаўлены маiмi даследаваннямi, свае дужа каштоўныя парады.

Ах, што за мiлы чалавек быў гэты сiньёр С!.. Я дагэтуль са шчымлiваю асалодаю згадваю нашы гамонкi ў яго рабочым кабiнеце на востраве вар'ятаў. Вокны гэтага пакоя выходзiлi на тэрасу з трыма рознага росту кiпарысамi, адкуль адкрываўся шырокi вiд на лагуну, у накiрунку Маламока i К'ёджы. Мы часта спынялiся, каб пагаварыць, менавiта на тэрасе. Там заўсёды была дзiвосная цiшыня, якую зрэдку парушалi крыкi з аддзялення цяжкахворых або, у гадзiны адлiву, важданiна пацукоў, незлiчоная процьма якiх кiшэла ў цiне ля падножжа муроў.

Пад час аднае з такiх гамонак на тэрасе i перадаў мне пан С. дакумент, якi вы зараз прачытаеце i якi я пераклаў са зробленай копii.

* * *

ЛЯКАРНЯ-ВАР'ЯТНЯ НА САН СЭРВОЛА

12 траўня 18.. года

"Цяпер, калi я пэўна i канчаткова прызнаны вар'ятам i запратораны ў гэтую лякарню, напэўна, да скону маiх дзён, нiчога болей не замiнае мне праўдзiва i дакладна расказаць пра падзею, пасля якой я i трапiў сюды.

Няхай, аднак, той, хто, мусiбыць, стане чытаць гэтыя радкi, не думае, што мае справу з адным з маньякаў, якiя бясконца складаюць скаргi, указваючы на памылку дактароў, ахвярай якое яны сталi, альбо выкрываючы змрочныя сямейныя iнтрыгi i iнтымныя драмы, праз якiя аўтары гэтых скаргаў страцiлi сваю свабоду. Не, я зусiм не скарджуся на свой лёс i не збiраюся пратэставаць супраць мераў, прынятых у дачыненнi да мяне! Нiводнага разу, з тае пары, як я тут, не спрабаваў я абдумаць хоць якiсьцi план, каб уцячы адсюль. Наадварот, келля мая на Сан Сэрвола - не турма мне, а пажаданы прытулак. У ёй я магу адчуваць сябе ў бяспецы, якой нiдзе больш не знайду, i таму я не маю нiякага жадання пакiнуць яе. Я бласлаўляю тоўстыя муры i надзейныя краты, якiя ахоўваюць мяне, ды яшчэ назаўсёды, ад людзей, асаблiва тых, чыя прафесiя судзiць чалавечыя ўчынкi.

I на самай справе, калi нават гэтыя радкi i трапяць на вочы ўладам, дык не будуць мець для iх анiякага значэння i не створаць мне небяспекi: з той простай i дастатковай, мяркую, прычыны, што медыцынаю i судом я залiчаны ў вар'яты. Становiшча гэтае дае мне поўную магчымасць гаварыць свабодна. Маё вар'яцтва - мая ахоўная грамата. Бо ў момант майго прыбыцця сюды я зрабiў усё належнае, каб конча ўпэўнiць дактароў у слушнасцi iх меркавання адносна майго псiхiчнага стану. Я качаўся па зямлi, рабiў выгляд, што хачу задушыць санiтара, вёрз усялякую лухту - з дбайнасцю i спрытам, якiя маглi падмануць мяне самога.

I цi ж памыляўся я, умацоўваючы сваё новае status quo дзеля таго, каб спакойна карыстацца той перавагаю, якую яно мне даравала?

Бо вы ўжо ўгадалi, я ўпэўнены: аўтар гэтых радкоў зусiм не вар'ят, а толькi ахвяра жудаснага здарэння, аднаго з тых здарэнняў, якiм людзi адмаўляюцца даць веры i якiя ўсё ж бываюць на гэтым свеце, хоць i не паддаюцца асэнсаванню нашым слабым розумам. Выслухайце ж маю гiсторыю, а пасля ўжо мяркуйце аб ёй.

Першым няшчасцем у маiм жыццi было тое, што я нарадзiўся бедным, другiм тое, што прырода стварыла мяне гультаём. Бацькi мае знатнага роду, але лёс iм не спрыяў. Аднак яны далi мне адмысловае выхаванне. Я быў накiраваны пансiянерам у адну з найлепшых прыватных венецыянскiх школ. У ёй вучылiся многiя сыны знакамiтых сем'яў горада. Там я i пазнаёмiўся з графам Адаарда Грыманэлi, пра якога пойдзе далей гаворка.

Поспехi мае ў занятках былi пасрэдныя, i калi я закончыў сяк-так навучанне, бацькi запатрабавалi, каб я выбраў сабе прафесiю. У гэты час ува мне загаварыла мая лянота. Яна аказалася непераможнай, i ў гэтым сэнсе я сапраўдны венецыянец. Навошта я нарадзiўся ў найцудоўнейшым горадзе свету, калi i тут, як i ўсюды, трэба працаваць? Венецыя ўжо сама па сабе была для мяне дастатковым заняткам. Я меў ад яе насалоду i ў цяпершчыне i ў мiнуўшчыне. Я з радасцю бавiў бы ўвесь час у яе старажытных гiстарычных архiвах, але на гэта патрэбны былi грошы, а я не меў iх зусiм, як можна не мець здароўя перад самаю смерцю. Як выбрацца з жабрацтва, якое так уладна замiнала маёй любовi да бясконцых бадзянняў па горадзе i аматарскiх заняткаў яго гiсторыяй?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win