1. каталог Private-Bookers
  2. Книга "Мiхалка (на белорусском языке)"
Мiхалка (на белорусском языке)
Читать

Мiхалка (на белорусском языке)

Прус Болеслав

Баляслаў Прус

Мiхалка

Пераклад: Янка Брыль

Работа на чыгунцы закончылася. Падрадчык выплацiў што каму належала, каго змог - ашукаў, i людзi пачалi разыходзiцца натоўпамi, кожны ў сваю вёску.

У карчме, што стаяла паблiзу ад чыгуначнага палатна, да паўдня стаяў гоман. Хто напаўняў абаранкамi кайстру, хто купляў дахаты гарэлку, хто напiваўся на месцы. Пасля парабiлi клункi з дзяругаў, павесiлi тыя клункi цераз плечы i пайшлi, гукаючы:

– Бывай здароў, дурны Мiхалка!

А ён застаўся.

Застаўся на шэрым полi i не глядзеў услед сваiм людзям, а на блiскучыя рэйкi, што беглi кудысьцi далёка, далёка! Вецер раздзьмухваў яго цёмныя валасы, расхрыстваў яго белую сярмягу i здалёк даносiў апошнiя гукi песень.

Неўзабаве за кустамi ядлоўцу пахавалiся дзяружкi, сярмягi i круглыя шапкi. Нарэшце i песнi замоўклi, а ён усё стаяў з заложанымi за спiну рукамi, бо не было куды iсцi. Нiбы ў таго зайца, што якраз цяпер сiгаў цераз рэйкi, i ў яго, мужыцкага сiраты, гняздо было ў полi, а свiран - дзе бог дасць.

За пясчаным узгоркам пачуўся свiст, заклубiўся дым, загрукацелi колы. Рабочы цягнiк затрымаўся перад незакончанай станцыяй. Дзябёлы машынiст i яго маладзенькi памочнiк саскочылi з паравоза i пабеглi ў карчму. Таксама зрабiлi i змазчыкi. Застаўся толькi iнжынер, якi задуменна прыглядаўся да пустой ваколiцы i прыслухоўваўся да шамацення пары ў паравозным катле.

Дзяцюк ведаў iнжынера, ён нiзенька пакланiўся яму.

– А, гэта ты, дурны Мiхалка! Што ты тут робiш?
– спытаўся iнжынер.

– Нiчога, пане.

– Чаму не вяртаешся ў вёску?

– Няма мне, пане, чаго.

Iнжынер пачаў напяваць, а потым сказаў:

– Едзь у Варшаву. Там заўсёды работа знойдзецца.

– Я ж не ведаю, дзе гэта.

– Сядай на платформу, дык i даведаешся.

"Дурны Мiхалка" ўзабраўся, як кот, на платформу i сеў на горбе камення.

– А грошы ў цябе трохi ёсць?
– спытаўся iнжынер.

– Ёсць, пане, рубель, i сорак грошаў, i злотых дзесятачкамi...

Iнжынер зноў пачаў напяваць i азiрацца па ваколiцы, а ў паравозе ўсё нешта бурчэла. Нарэшце з карчмы выбегла абслуга цягнiка з бутэлькамi i скруткамi. Машынiст i памочнiк селi на паравоз i - паехалi.

Праз нейкую мiлю ад станцыi, на павароце, паказалiся дымы над стрэхамi беднай вёскi на балоцiстай нiзiне. Убачыўшы вёску, Мiхалка ажыў. Пачаў смяяцца, гукаць (хоць бы яго не пачулi з такое адлегласцi), махаць шапкай... Але змазчык, якi сядзеў на тамбуры, прыкрыкнуў на яго:

– Чаго ты там выхiляешся! Яшчэ звалiшся к чорту...

– Гэта ж, пане, наша вёска, тая вунь!..

– А ваша, дык i сядзi спакойна, - адказаў змазчык.

Мiхалка сеў спакойна, як яму загадалi. Толькi на сэрцы было неяк нудна, i ён пачаў малiцца. Ах, як ён ахвотна вярнуўся б у сваю вёску, злепленую з глiны i саломы, туды, дзе навокал балота!.. Ды не было чаго. Хоць i называлi яго "дурным", ён усё ж разумеў, што ў свеце людзi менш памiраюць з голаду i з начлегам лягчэй, чым у вёсцы. О, у свеце хлеб бялейшы, на мяса можна хоць паглядзець, больш дамоў i людзi не такiя бедныя, як у iх.

Мiналi станцыю за станцыяй, затрымлiваючыся дзе даўжэй, дзе карацей. На заходзе сонца iнжынер загадаў накармiць дзецюка, а ён за гэта нiзенька пакланiўся.

Пачалi ехаць па зусiм новых аколiцах. Тут не было залiтых балотаў, а ўзгоркаватыя палi, звiлiстыя, быстрыя рэчкi. Пазнiкалi курныя хаты i плеценыя з лазы гумны, паказалiся прыгожыя двары i мураваныя будынкi, лепшыя, чым у iх касцёлы або корчмы.

Ноччу спынiлiся каля горада, якi стаяў на гары. Здавалася, што дамы лезуць адзiн на адзiн, а ў кожным столькi святла, колькi зорак на небе. На цэлай сотнi пахаванняў не ўбачыш столькi свечак, колькi ў гэтым горадзе...

Штосьцi вельмi хораша iграла, людзi хадзiлi натоўпам, смеючыся i рагочучы, хоць была ўжо такая позняя ноч, што ў вёсцы пачуў бы толькi голас нячысцiка i брэх растрывожаных сабак.

Мiхалка не заснуў. Iнжынер загадаў даць яму фунт каўбасы i булку хлеба, а потым - прагнаў яго на iншую платформу, якая везла пясок. Тут было мякка, як у пуху. Але дзяцюк не лажыўся, а сядзеў на кукiшках, еў каўбасу з хлебам, ажно вочы лезлi наверх, i думаў:

"Глядзi, якiя дзiўныя рэчы бываюць на свеце!.."

Гадзiн некалькi пастаялi, а пад ранне цягнiк крануўся i памаленьку паехалi. На адной станцыi, у лесе, пастаялi даўжэй, а змазчык сказаў дзецюку, што iнжынер, вiдаць, вернецца назад, бо па яго прыйшла тэлеграма.

I сапраўды, iнжынер паклiкаў дзецюка.

– Мне трэба ехаць назад, - сказаў ён.
– А ты паедзеш адзiн у Варшаву?

– Цi я ведаю, - шапнуў дзяцюк.

– Ды ўжо ж не загiнеш сярод людзей?

– Для каго я, пане, загiну, калi ў мяне анiкога няма!..

I сапраўды, для каго ён меў загiнуць!

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win